з 21 па 25 красавіка ў Рэспубліцы Беларусь праходзіць трэці Рэспубліканскі моладзевы кірмаш вакансій. Мерапрыемства накіравана на садзейнічанне ў працаўладкаванні вучнёўскай моладзі і выпускнікоў навучальных установаў.
Сёння кірмаш вакансій прайшоў на базе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, яго ініцыятарам стала ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама. У час мерапрыемства старшакласнікі змаглі азнаёміцца з рознымі формамі занятасці: працаўладкаванне на часовыя дадаткова створаныя рабочыя месцы, праца ў студатрадзе, індывідуальнае ўладкаванне на працу.
Кірмаш вакансій – гэта і магчымасць асабіста пагутарыць з прадстаўнікамі наймальнікаў, прайсці першаснае субяседаванне, даведацца больш аб арганізацыі, заработнай плаце, умовах працы, выбары прафесіі ў сферы эканамічнай дзейнасці, якая зацікавіла.
Служба занятасці раёна ў перыяд канікулаў прапануе для працаўладкавання навучэнскай моладзі 110 працоўных месцаў на чэрвень, ліпень, жнівень, месца работы – дзевяць школ раёна: гэта рамонт кніжнага фонду, добраўпарадкаванне тэрыторый.
Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык расказала прысутным аб працы ў складзе студэнцкіх атрадаў. Яна адзначыла, што гэтым летам ёсць магчымасць працаўладкаваць 196 чалавек 14-16 гадоў. Для гэтага выдзелены рабочыя месцы ў сельскагаспадарчых арганізацыях у асноўным на відавой праполцы, у Дзятлаўскім РУП ЖКГ, Цэнтральнай раённай бальніцы і Дзятлаўскім лясгасе – пераважна ў Казлоўшчынскім, Дварэцкім, Гезгалаўскім лясніцтвах.
У кірмашы прынялі ўдзел прадстаўнікі КСУП “Хвінявічы”, СГФ “АграМілк”, Дзятлаўскай ЦРБ, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, ААТ “Дварэцкі льнозавод”, філіяла “Санаторый “Альфа Радон”, Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
По материалам районной газеты "Перамога"