Государственное учреждение образования
"Средняя школа №1 г. Дятлово"

Новости и события

Прафарыентацыйная акцыя “Дзень з прадпрыемствам”.

Прафарыентацыйная акцыя “Дзень з прадпрыемствам”.

У свеце існуе больш за тры тысячы прафесій, таму прыняць рашэнне і зрабіць свой выбар даволі цяжка.

Пасля школы маладыя людзі могуць пайсці працаваць, заняцца бізнесам, атрымаць вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную адукацыю. Некаторыя самі выбіраюць, куды паступаць, іншыя прытрымліваюцца парадаў бацькоў.

Каб школьнікам Дзятлаўшчыны было лягчэй зрабіць правільны выбар будучай прафесіі, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама арганізавана прафарыентацыйная акцыя “Дзень з прадпрыемствам”.

На гэты раз зацікаўленых вучняў гарадскіх школ запрасілі пазнаёміцца з медыцынскімі спецыяльнасцямі ў Дзятлаўскую цэнтральную раённую бальніцу, тым больш, што тут якраз праводзіўся дзень адчыненых дзвярэй.

Гасцей сустрэла галоўная медыцынская сястра Ілона Белавус. Каб наведвальнікі больш поўна адчулі характар прафесіі, ім прапанавалі апрануць белыя накідкі, капялюшыкі, ахоўныя маскі і бахілы.

Школьнікаў павіталі галоўны доктар ЦРБ Алег Анцух і яго намесніца па медыцынскай частцы Алена Якубоўская. Алег Іванавіч пажадаў дзецям цікавай экскурсіі, правільнага выбару будучай спецыяльнасці, паспяховага дасягнення пастаўленых мэтаў. Як прыклад, прывёў уласную жыццёвую гісторыю. Расказаў, што пасля заканчэння школы яму не ўдалося адразу паступіць у медыцынскую ВНУ, зрабіць гэта змог толькі пасля службы ў арміі, спецыяльнасць “доктара-хірурга” атрымаў у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Алег Іванавіч падкрэсліў, што галоўнай мэтай тых, хто марыць аб медыцыне, павінна быць менавіта навучанне, не важна, у якім горадзе яны яго атрымаюць. Дарэчы, жадаючыя паступаць на медыцынскія спецыяльнасці могуць браць мэтавыя накіраванні ад Дзятлаўскай ЦРБ і затым вяртацца працаваць на малую радзіму.

Далей пачалася актыўная частка экскурсіі.

Куды трапляюць самыя складаныя пацыенты, навучэнцам расказаў загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Арцём Орсік, паказаў самае сучаснае абсталяванне, якое дапамагае медыкам у такіх выпадках. Упершыню не з экранаў тэлевізара школьнікі ўбачылі дэфібрылятар, які прымушае сэрца “перазагрузіцца”, кувез для неданошаных дзяцей, дзе падтрымліваюцца неабходныя ўмовы асяроддзя, медыцынскі прыложкавы манітор пацыента, што дазваляе адсочваць частату сардэчных скарачэнняў, пульс, ЭКГ, тэмпературу, артэрыяльны ціск, многае іншае.

Далей Алена Якубоўская запрасіла дзяцей у кабінет функцыянальнай дыягностыкі, які таксама забяспечаны сучасным медыцынскім абсталяваннем, якое дазваляе праводзіць электракардыяграфію, калонаскапію, гастраскапію, бронхаскапію. Наступнай была дыягнастычная лабараторыя. Дзеці ўбачылі, як робяць даследаванне крыві, і з не меншай цікавасцю накіраваліся ў аперацыйную. Праўда, для гэтага давялося скарыстацца дадатковай медыцынскай абаронай, каб не парушыць стэрыльнасць.

Сюрпрыз чакаў гасцей і ў тэрапеўтычным аддзяленні. Гэта былі манекены-трэнажоры для адпрацоўкі навыкаў сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, інтубацыі, накладання павязак, а таксама наборы муляжоў-ран і траўмаў.

Завяршылася экскурсія ў аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі.

Аддзел па працы і занятасці выказвае шчырую ўдзячнасць кіраўніцтву Дзятлаўскай ЦРБ за прафарыентацыйную акцыю і грунтоўнае азнаямленне школьнікаў з асаблівасцямі медыцынскай прафесіі, а вучням-удзельнікам жадае, каб кожны з іх зрабіў правільны прафесійны выбар, бо, наколькі ён будзе ўдалы, настолькі цікавым стане жыццё, паспяховай – кар’ера.

Ірына БАРАВІК,
намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама

Sertifikat2020 2025

 

Licens

Maps marshrut1